Home

Рэклама

Наладка

Папярэднія 20

21 Ліс 2009

sin

Гм... За што ж я біў людзей?

"Салідарнасьць", канешне, адажгла. Але я, мабыць, даў нямала падставаў ))

Гэта пра мяне:

"Былы жыхар ГДР і Туркменістана, а цяпер каардынатар Руху «За свабоду» па Мінскай вобласці Сяргей Салаш расказаў «Салідарнасці» за што біў людзей, чаму яго могуць пасадзіць і калі адчуў настальгію па расейшчыне".

А цалкам тэкст з стамлёным Салашам на двух фотках можна пачытаць ТУТ.
Цэтлікі: ,

19 Ліс 2009

depeche car

Белорусские проблемы в русском языке

У барысаўскай маршрутцы нічога_сабе_такая бляндынка з пунсовымі вуснамі, апранутая ў гепардава-леапардавыя колеры і трымаючы "Русские проблемы в английском языке" налякаванымі пазногцямі, усю дарогу да Менску азіралася на мяне. Я чытаў Еву Вежнавец. Ну, канешне, мне няма куды было падзецца – літары блыталіся ў словах, словы ў сказах, а сказы ў абзацах – і я пачаў амаль прагна лавіць яе позіркі. Двойчы нашыя вочы ледзь не замагніціла – нейкая невядомая сіла прымусіла адвесьці позіркі ў бок.

18 Ліс 2009

playing.the.angel

Што яму ад нас трэба?

У нашу новую кватэру ўжо другі месяц запар упарта шчэміцца ільсьняна-чорны кот з чорным ашыйнікам і заўжды наструбленым хвастом. Толькі пры мне ён разоў дваццаць спрабаваў прадзерціся ў дзьвярную шчыліну - пару разоў я яго ледзь не заціскаў, не заўважаючы, дзьвярыма (часам нават хацеў заціснуць, прычым моцна, хоць і не сьмяротна). Кот заскокваў нават у ліфт, узьнімаўся са мной на паверх і паказваў мне дарогу да новай кватэры. Некалькі разоў ён усё ж праціскаўся, прычым кіпці вастрыў менавіта ў адзін і той самы пакой, завалены пакункамі з рэчамі, скрынямі, скруткамі, кнігамі з старой кватэры.

Цэтлікі:

17 Ліс 2009

sin

Мая таямніца

От, лашчыць маю душу нешта. Прыемна так лашчыць. Нейкі я апошнія дні ўзьнёслы, а асабліва сёньня, вось менавіта зараз - у гэтую шэрую гадзіну. Такі настрой узьнёслы, такі ўзьнёслы, што, каб быў птахам, лунаў бы ўжо ў паднябесьсі.

І зусім не праз тое ў мяне такі настрой, сябры, узьнёслы, што да мяне сёньня ў госьці дамоў завітаў прыемны чалавек, вядоўца белсатаўскага "Форуму", Эдуард Мельнікаў. Ну, і тым больш не праз тое, што прыканцы тыдня на "Салідарнасьці" зьявіцца маё задуменнае інтэрвію, якое я даў у Барысаве на месцы, дзе ў 2008 годзе замышляўся лякальны "піўны путч". І, канешне, не таму, што ў мяне ўсё супэр, у ажуры, я крут і г.д. і т.п. Я ўзьнёслы нават нягледзячы на тое, што заўтра сплаўляю сваю любую Alfa Romeo з цудоўненькім (эх!) скураным салёнчыкам.

Адрываюся ад зямлі я, сяброве, адрываюся. І, калі ласка, не душыце мяне пытаньнямі - што, чаго і чаму. Бо НІЗАВОШТА я вам ня выдам сваю таямніцу. Хоць пад расстрэлам нават.
Цэтлікі:

16 Ліс 2009

sin

Пра гарматы і гарматнае мяса

Эх, Вінцук-Вінцук, што ж вы мувіце такое? Гэта варта было вам пазбавіцца старшыньства ў БНФ, каб, урэшце, адкрыта прызнацца дзеля чаго мы вам былі патрэбныя ўсе гэтыя гады?

Вырываю з кантэксту:

"Зь якімі знакавымі, пазнавальнымі людзьмі - сябрамі Фронту зьбіраецца асацыявацца ў грамадзкай сьвядомасьці цяперашняе кіраўніцтва Партыі БНФ? Чые імёны і фатаздымкі, акрамя сябе і Мілінкевіча, будзе ўключаць у буклеты й брашуры? Якую фронтаўскую традыцыю прадаўжае? Загадка. А можа цяпер гэта і ня трэба?"

А ўвесь кантэкст ТУТ.

Так, спадар Вінцук, на буклетах ваша аблічча выглядае выдатна, інтэлігентненька, нават задужа інтэлігентненька, калі параўноўваць з тым, каго вы паназапісвалі ў шэрагі БНФ падчас свайго кіраўніцтва. Калі ж вы ўрэшце зразумееце, што грамадзкай сьвядомасьці глыбачэзна напляваць асабіста на вас, на ваша інтэлігентнае аблічча і абліччы тых, хто пасьля апошняга зьезду БНФ "выпаў з буклетаў"? Апэлюйце да чагосьці іншага, а не да грамадзкай сьвядомасьці, бо вы і грамадзкая сьвядомасьць рэчы цалкам несумяшчальныя.

А яшчэ дзякуй [info]abc_in_lj за наводку на блёг "лідэра", які не чытаю.

15 Ліс 2009

playing.the.angel

Гэта я

11 студзеня 2007 году а 17-40 у горадзе Барысаве я выглядаў прыкладна так:

1. Моб.телефон "Нокиа" 7610
2. Паспорт на имя задержанного МС 6265261
3. Свидетельство кандидата в депутаты на имя Бабицкого Д.М. - 6 штук
4. Шесть ключей на брелке
5. Часы в белом корпусе "Zara"
6. Авторучка
7. Ремень брючной черного цвета
8. Флэшка
9. Три визитки
10. Партмоне чёрного цвета
11. Клубная карта
12. Деньги в сумме 5 тыс. 600 РБ, 20 долларов США NB 752426796
13. Черная сумка
14. Шнурки черного цвета
15. Черное пальто
16. Коричневый гольф
17. Джинсы
18. Туфли
Цэтлікі: ,

13 Ліс 2009

sin

Сьціплы хлопчык Салаш

У клясе сёмым, калі мне было гадоў трынаццаць, класная кіраўніца правяла экспэрымэнт, сутнасьць якога палягала на наступным. Кожны вучань мог ананімна напісаць пра свайго аднаклясьніка ўсё, што пра яго думае. І вось, перабіраючы сёньня частку сваіх папяровых завалаў, я знайшоў жоўтую капэрту з трынаццацьцю караценькімі цыдулачкамі.

Для тых, хто крыху абазнаны ў маёй біяграфіі, нагадаю, што гэта адбылося ў ГДР, а не ў Ашхабадзе :)

Цэтлікі: ,

05 Ліс 2009

sin

Нашы шматпакутныя ўсходнеславянскія дробнапрадпрымальнікі

Прадпрымальнікі як каста тут ні пры чым. Асабліва дробныя. Асабліва тыя, што спачатку набываюць, а затым прадаюць – трэба ж некаму гэтым займацца. Калі ласка – я ня супраць, а толькі за. Прадавайце на здароўе.

За апошнія месяцы я як кліент нярэдка спрабаваў разьвітацца з сваімі грашыма, хацеў абмяняць іх на паслугі ці на прадукт. Прызнаюся, няпростая гэта была справа – разьвітацца з сваімі грашыма – выцягнуць іх з сваёй кішэні і ўкласьці ў рукі прадпрымальніку пры усёй, здавалася б, працэдурнай прастаце. Пры гэтым як кліент я ня надта патрабавальны – мяне цікавіць толькі якасьць і культура абыходжаньня – нявытрыманыя тэрміны ў разумных і нават ня надта разумных межах я гатовы прыняць і не выстаўляць рахункаў дый гандлявацца не ў маёй звычцы.

Read more... )
Цэтлікі:

04 Ліс 2009

sin

Пад’езд

Самы звычайны пад’езд. Самы звычайны пяціпавярховік. Пятнаццаць кватэраў – па тры на паверсе.

Прайшоўся па паверхах... )

31 Кст 2009

sin

Никита

Забіраючы ўчора з садка сваю дачку, апынуўся сьведкам вельмі эмацыйнага дыялёгу паміж пяцігадовым хлопчыкам і ягонай бабуляй – дужа інтэлігентнай пані.

- Чем вы сегодня в садике занимались?
- Беларускую мову учили… Ненавижу беларускую мову!
- Что это ты такое говоришь, Никита? – ніякавата зірнула ў мой бок пані. – Как ты можешь так говорить?
- Ненавижу беларускую мову! Ненавижу!
- Никита, тебе ведь ее в школе учить нужно будет. Нельзя так говорить.
- Все равно ненавижу!

Гэты Мікіта ходзіць у адну групу з маёй Дамінікай. Дамініка была сьведкам гэтага дыялёгу. Часта пачаў заўважаць, што дачка ўсё больш саромеецца гаварыць на роднай мове сярод чужых.

28 Кст 2009

sin

Перапісу беларусаў прысьвячаецца

Хто б мог падумаць, але звычайны кефір ад ААТ “Клецкая крыначка” спарадзіў ува мне хвалю рытарычных пытаньняў.

Ніяк не магу зразумець беларусаў. Яны ёсьць ці іх няма? Калі ёсьць, то што ўкладаецца ў гэты панятак ўласна імі? Калі ж не ўкладаецца нічога асаблівага, што магло б іх адрозьніць ад тых, хто “без знака качества”, то навошта сябе называць беларусамі?

Read more... )

23 Кст 2009

basic

Пра Дастаеўскага і крыху пра перапіс беларусцаў

Вельмі рэдка перачытваю кнігі двойчы – шкадую часу. З тых што перачытваў ня раз – “Майстар і Маргарыта” Булгакава, беларускія казкі “Людзей слухай, а свой розум май” і нешта драбнейшае.

Гадоў пятнаццаць таму, калі мне было блізу дваццаці, нешта такое са мной здарылася, што пачаў я чытаць Дастаеўскага. Першай кнігай былі “Браты Карамазавы”. Пасьля яе я выйшаў з палону Дастаеўскага толькі праз год, калі пераараў усё, што можна было знайсьці ў мясцовых бібліятэках і кнігарнях. Поўны збор твораў, яшчэ нешта з таго, што не ўвайшло ў збор, нешта з крытыкі.

Памятаю, мая аднаклясьніца – на той час студэнтка Туркмэнскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці “расейская філялёгія” – моцна скрытыкавала маё захапленьне Дастаеўскім. З часам прыйшло пераасэнсаваньне і нават адыход ад начытанага без асаблівага разбору ў дваццацігадовым веку. Сапраўднае спазнаньне і прыняцьцё роднай мовы стала той нябачнай мяжой, празь якую мне ўжо нецікава было азірацца, а затым і зазіраць. Расейская літаратура засталася ў мінулым. І, як я думаў, незваротна.

Read more... )

27 Врс 2009

playing.the.angel

(бяз тэмы)

Даўненька ўжо адсутнічаю ў жж. Як аказалася, ня тое гэта балота, каб зацягвала з вушамі. Жыць можна і па-за ім. Аднак як там што адбываецца ў некаторых фрэндоў і фрэндэсаў (!) дагэтуль цікава. Нават моцна сумую па некаторых :) Спадзяюся ў другой палове кастрычніка вярнуцца. Як раз на першыя ўгодкі майго "дзёньнічка" ;)

16 Врс 2009

sin

Забегаўся…

Во дажыўся! Ня маю часу ані газэтку пачытаць, ані ў інэце пазавісаць. А некалі ж было вось так… :)



Што хоць у сьвеце робіцца?
 

Цэтлікі:

15 Врс 2009

basic

Дранікі

Дамініка: “Тата, а ты ведаеш, што дранікі – гэта беларуская страва і што іх прыдумалі беларускія князі?”

На маё пытаньне, а што ж тады прыдумаў (у сэнсе – еў) народ, Дамініка, моўчкі паразважаўшы, адказала: “Гародніну”.

І адкуль яна пра князёў такога начулася? :)
 

Цэтлікі:

11 Врс 2009

sin

Львіў – Санкт-Пецярбург

Горшага цягніка за Львіў – Санкт-Пецярбург ня ведаю. Цыганскі табар на колах – гэта, мабыць, найсьціплейшае для яго азначэньне. У суседнім купэ (!) ехала нейкая ватажка колькасьцю восем (!) чалавек, у той час як у маім купэ я ўсю дарогу знаходзіўся адзін. Зрэшты, больш падрабязна спыняцца на кантынгенце дадзенага чыгуначнага маршруту дзеля паліткарэктнасьці ня буду.

Я пра іншае. Як вы думаеце, чаму я ня змог заснуць з натруджанымі аб львоўскі брук нагамі ажно да чацьвертае? Чаму забыўся ў сьне толькі пад самы ранак, насьніўшы, змораны, ажно тры рознасюжэтныя відзежы запар? Калі вы езьдзілі колісь гэтым цягніком, то ня мучайцеся – адказ знаходзіцца на паверхні.

Заснуць я ня змог праз вырваны мозаг.

Што вырывала мой мозаг? )

26 Жнв 2009

sin

За беларускую Кляўдыю Шыфер!

Сябры, нешта расьпісаўся я сёньня. Усё! На сёньня баста, хопіць, кропка. Адну маю толькі просьбайку – прагаласуйце, калі ласка, за беларускую Кляўдыю Шыфер – дзяўчынку з Горак Крысьціну. Яна ўдзельнічае ў конкурсе “Міс Лета”, якую ладзіць мясцовая газэта “Узгорак”.

Ну, падабаецца мне такі тып дзяўчын – нічога не магу з сабой парабіць! З сумам і тайнай у вачах, з такімі во пульхнымі вусначкамі, абручыкам на галаве. Зрабіце ласку, сяброве! ;)

Прагаласаваць за яе можна ТУТ.

ЗЫ. Ільля ([info]zaranok), ну, хоць бы дзеля спартовага інтарэсу. Не крыўдуй! ;)
 

sin

“Чехия это дааа… это как Германия…”

Чарговае перасячэньне мяжы, на гэты раз беларуска-летувіскай, скончылася для мяне зьняцьцём з рэйсавага аўтобусу. От, тае бяды! Пакорпаліся ў заплечніку дзеля адчэпнага (“Уважаемы, ну вы жа ўсё самі панімаеця”. – “КДБ?”. – “Ну, канешна!”, – з усьмешкай у адказ), склалі чарговы пратакол, у якім сказілі маё прозьвішча на Салаж, падсадзілі да нейкага хлопца на audi зь летувіскімі нумарамі. Ён і завёз мяне да самага пункту прызначэньня – віленскага Forum Palace, ня ўзяўшы зь мяне ані літа.

Хлопец гэты Саня (ён так прадставіўся), які працуе памочнікам машыніста на матавозе, усё зьдзіўляўся, што мы ніяк Лукашэнку скінуць ня можам: “Вам ешчэ его сынув надо убрать всех”, – параіў ён мне на польска-расейскай трасянцы: “Мои все друзья белорусские против него, але у Лукашенко своя полиция, “Белая стрела” называется”. Год таму Саня спрабаваў патрапіць у францускі Замежны Легіён, але не прайшоў, кажа, па здароўю, хаця, па-мойму, нават вонкава на легіянэра не цягнуў. Саня зьдзіўляецца таму, як беларусы жывуць, а яшчэ ж і машыны нядрэнныя за нешта набываюць. “Белорусы экономные, а литовцы – не, не такие, литовцы экономить не умеют, привыкли в рестораны и кафе ходить”, – зрабіў ён выснову з сваіх разважаньняў. Саня часта бывае ў Лідзе, скардзіцца на тое, што ў горадзе няма дзе нармальна пад’есьці: “Только в парке есть кафе более-менее нормальное. Я говорю официантке, почему вы к блюдам приборы не меняете. А она – не учи меня, я этикет знаю – у нас не ресторан, а кафе! Это что же, у нас в Литве одни рестораны что ли?”

Абратна я вяртаўся цягніком. Заплечнік на мяжы ізноў выклікаў цікавасьць, але павярхоўную: “Прабачце, мы да вас ня маем ніякіх пытаньняў”, – па-беларуску выбачыўся мытнік, маладзенькая памежніца паказала ямачкі на шчаках. Нават на шматпакутны чэскі нумар “Arche”, што Вайцюшкевічам дагары ляжаў на століку, не зьвярнулі ўвагі.

У Гудагаі ў купэ падселі два хлопцы зь вёскі. Саша і Сярожа. Побач з “Arche” адразу зьявілася гарэлка “Лімонная”, сасіскі ў цэляфанавым пакеце і газаваная вада жоўтага колеру. Я выйшаў, не прычыніўшы дзьверы. Неўзабаве ў купэ пачулася мітусьня – хлопцы разьлілі газаваную вадкасьць на абрус і залілі тэчку з чыгуначнымі інструкцыямі: “Извинитя, это не ваша папка?”. “Не, не мая, не пераймацеся”. “А то мы подумали вашу папку с векселями (!) залили… А вы с нами того… не выпьетя?” “Не, дзякуй. Вы піце, я ня буду”. Але падсеў насупраць.

Першы вырубіўся Сярожа, пусьціўшы сьліну на чорны цэляфанавы пакет HUGOBOSS. Саша ў размове са мной пратрымаўся даўжэй:

“А можна журнал посмотреть? А то я прочитал – Чехия… Чехия это дааа… Чехия… это как Германия… дааааа… там все качественно. Качество там хорошее как у немцев. Пиво вкусное. Детали там хорошего качества делают. Чехия… да… А журнал о чем? (гартае) Литература? И все по-белорусски? Наверное, и на русском тоже самое есть? И про политику? Оооо, мне про политику нравится. А где? (паказваю дзе – амаль не гартаючы, адсоўвае часопіс у бок) А мне нравится, как вы по-белорусски говорите. Только у нас никто так не говорит в деревне, как иностранный язык считается. Но красиво. Вы преподаете? Нет? …А в Литве хлеб такой вкусный. “Клайпеда” называется. Ел бы его и ел без ничего. В Литве все вкусно. Не понимаю, почему у них там все вкусно. А еще говорят, что в Беларуси хорошо жить”.

Перад тым як галава Сашы звалілася на столік, ён закрануў тэму дзяўчат: “Не нравятся мне островецкие девки, панимаиш, не подойти к ним никак! Гордые какие-то ани, што ли…”

sin

Вільня

Я страшэнна (!) задаволены тым, што Вільня дасталася летувісам, а не бульбашамъ. У горшым выпадку зрабілі б зь яе пачварную Нямігу, у лепшым – кічавы Гродна.

Узыходзіў пазаўчора ўвечары да вежы Гедыміна. Досыць круты пад’ём, пад нагамі брукаванка, таму ўзыход для многіх даецца ня надта проста. "Сюды б асфальту лівануць!", – распарадзіўся б, калі б меў на тое права, які-небудзь чыноўнік браслаўскага райвыканкаму, сплёўваючы на камяні ў задышцы.

І ўсё ж не знайшлося ў Вільні нават у самыя горшыя часы савецкай акупацыі мясцовага чыноўнага ёлупа, які б аддаў загад закатаць брук у асфальт. А вось у часы незалежнай БССР Беларусі пару гадоў таму ў Браславе знайшоўся, які распарадзіўся заасфальтаваць брукаванку, што вяла на мясцовую замкавую гару. І каму тыя камяні пад нагамі так мулялі? Каму абцасы ламалі і ногі выкручвалі, калі на браслаўскую гару ў лепшым выпадку напрацягу дня ўзыходзіць некалькі дзясяткаў чалавек, у той час як на віленскую – сотні, пры тым што браслаўская нават значна ніжэйшая за віленскую?

Вільня ня ёсьць для мяне родным горадам, але чамусьці тут думаецца пра вечнае, нават тады, калі пра вечнае думаць ня хочаш. У Беларусі ж – толькі на малой радзіме бацькоў...

21 Жнв 2009

sin

Ільвіца расьце

Дзеля пэўных пэдагагічных мэтаў некаторыя рэчы сваёй дачцэ даводзіцца забараняць. Сёньня раніцай яна мяне нібыта раптам пытае:

– Тата, а ты ведаеш, што леў – цар зьвяроў?

– Ведаю.

– Значыць, яму ўсё можна. Так?

– Так.

– А ты ведаеш, што я таксама леў?

– Паводле гараскопу? – усьміхаюся.

– Канешне! Значыць, і мне ўсё можна? – падсумоўвае Дамініка.

Толькі цяпер я зразумеў, што ўся гэтая гісторыя зь ільвом разыграная дачкой недарма. Сёньня ёй спаўняецца шэсьць год. Сёньня ёй усё можна :)

Папярэднія 20

sin

Ліс 2009

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

Tags

Syndicate

RSS Atom
Распрацавана LiveJournal.com

Рэклама

Наладка